Дуда (валынка), бадай, адзін з найбольш архаічных музычных інструментаў, пашыраны на аграмадных абшарах ад Гішпаніі да Індыі. Асноунай уласцівасцю гэтага інструмента ёсць наяўнасць рэзервуару для утрымання паветра, зробленага са скуры, страўніка жывёлы альбо з высушаных пладоу раслінаў, кшталту гарбуза, у які умацаваныя адна або некалькі басуючых (бурдонных) трубак і адна або дзве жалейкі (меладычныя трубкі). Гук узнікае ад вібравання язычка пішчыка (тросці), кларнетовага або фаготавага тыпу, устаўленага ў бурдонныя і меладычныя трубкі. Ці не кожная краіна мае свой тып дудаў, якія адрозніваюцца як канструкцыяй: адрозным пакроем меху, колькасцю бурдонаў і месцам іх мацавання ў мех, гэтак і сваім адмысловым ладам і спецыфічным тэмбрам.
На тэрыторыі Беларусі вядомыя толькі дзве назвы гэтага інструмента: дуда і муцянка, на Літве варыянтаў назвы значна болей: dūdmaišis, dūda raginė, Labanoro dūda, murenka, ūkas, kulinė su ūku, kulinė ды інш.
Дуда на Беларусі і Літве вядомая з глыбокай старажытнасці, і хоць гістарычныя сведчанні паказваюць нам час не раней за ХIV ст., упісанасць дуды ў надзвычай архаічныя касмалагічныя схемы (гл. ніжэй), дазваляюць нам адсунуць час узнікнення дуды на нашых землях у самую раннюю эпоху. Параўнайма ў звязку з гэтым, што, напэўна, першая выява дуды, вядомая з хецкай пліты, датуецца 1000 г. да н. э. пры тым, што даследчыкамі адзначаецца вялікая ступень падабенства хецкай і беларускай міфа-рытуальнай традыцыі.
Тэкст выкарыстаны з дазволу аўтара Тодара Кашкурэвіча.
Літоўская дуда. Інструмант-міф.
часопіс DRUVIS №2 www.kryuja.org